29 января 2010
Навасёлы па прымусу, або Закон як дышла?..
- Послать комментарий
- |
- Отправить ссылку другу
- Напечатать
- |
- Изменить шрифт:
- A+
- A-
«Дом, дзе разбіліся людскія надзеі» — пад такой назвай у “Барысаўскіх навінах” (№2) быў змешчаны артыкул пра высяленне мясцовымі ўладамі жыхароў васьмікватэрнага дома па вуліцы Л.Чалоўскай
Наваселле па прымусу
Паводле формы гэта акцыя з’яўляецца выкананнем мінулагодняга рашэння суда Барысаўскага раёна. А па сутнасці – непрыхаваным прымусам, звязаным з парушэннем жыллёвага заканадаўства. Бо ніхто не мае права пагаршаць жыллёвыя ўмовы грамадзян.
Дарэчы, падчас публікацыі памянёнага матэрыялу ў доме №56 заставалася жыць адна сям’я: жонка і муж Гуткіны, якія выгадавалі дваіх дзяцей. Але 14 і 15 студзеня 2010 года адмысловая камісія з удзелам судовага выканаўцы здзейсніла акцыю высялення Гуткіных. Бо апошнія судовыя працэсы ў 2008 і 2009 гадах скончыліся не на карысць гэтых жыхароў згаданага дома. На момант высялення ў доме была адключана сістэма цеплазабеспячэння. Дарэчы, аўтар гэтых радкоў яшчэ дапамагаў Валянціне Гуткінай пераносіць рэчы ў інтэрнат, што размешчаны на вуліцы Л.Чалоўскай, 26. Канкрэтна — у двухпакаёвы блок інтэрната.
Так што шляхам пераробкі тэхнічнай ды іншай дакументацыі афіцыйныя асобы здолелі прызнаць памянёны дом аварыйным. Жыхары былі загадзя папярэджаны пра маючае адбыцца перасяленне. Яны сталі, як Гуткіны і пенсіянерка Бурмістрава, навасёламі па прымусу.
Якім жа чынам раённым уладам удалося легітымна пагоршыць людзям жыллёвыя ўмовы?
Спроба ліквідацыі модуля
Пачатак гэтай гісторыі, у якой перамаглі мясцовыя ўладныя і ведамасныя органы Мінабароны РБ, а жыхары прайгралі ды цэлымі сем’ямі апынуліся ў інтэрнаце, адносіцца да пачатку 2000-х гадоў. Тады канфлікт, які пачынаўся паміж жыхарамі дома і кіраўніцтвам ААТ “231 УНР”, заключаўся ў тым, што людзі запатрабавалі правядзення бягучага рамонту будынка. На гэты час зборна-разборны дом-модуль праіснаваў ужо больш або менш прыстойны тэрмін, і тое-сёе неабходна было падфарбаваць, замяніць ды ўмацаваць.
Але ўжо тады адміністрацыя памянёнага таварыства вырашыла: будзе больш танна прызнаць дом аварыйным ды яго знесці, а людзей перасяліць у інтэрнат, які таксама належаў ААТ “231 УНР”. Праўда, тут для многіх жыхароў плошча пражывання значна змяншалася. Але гэта не засмуціла кіраўніцтва ААТ “231 УНР”. Таму ўжо ў сваім зародку супрацьстаянне мела пагрозлівы характар менавіта для жыхароў дома – у іх відавочна была перспектыва пагаршэння бытавых умоў. Напрыклад, сям’я Гуткіных з двума дзецьмі пражывала ў трохпакаёўцы з агульнай плошчай бліз 60 м2 і з усімі выгодамі — кухня, туалет і ванны пакой. Усе пакоі былі ізаляваныя. У доме па вуліцы Чалоўскай, 26 яны атрымалі ўдвая меншую “жыццёвую прастору”. З агульнымі кухняй і душавой.
Можна меркаваць, што ўжо ў тыя гады кіраўнікі ААТ “231 УНР” пачалі выношваць ідэю, каб дом №56 па вуліцы Л.Чалоўскай назваць інтэрнатам. Хаця па сутнасці гэты будынак быў звычайным ведамасным домам, бо ў ім пражывалі людзі, якія працавалі ў памянёным упраўленні ці наогул у сістэме Мінабароны. У гэтым сэнсе вельмі цікавай выглядае тая акалічнасць, што адміністрацыя на пачатку канфлікта прапаноўвала насельнікам прыватызаваць свае кватэры. Натуральна, калі б людзі жылі ў інтэрнаце, то ім ніхто падобнага не прапанаваў бы. Адназначна, інтэрнат – часовае жыллё, і займаемую пастаяльцамі плошчу прыватызаваць забараняецца. Тым не меней канфлікт разгараўся. Кіраўніцтва ААТ “231 УНР” усё больш упэўнена брала курс на ліквідацыю дома 56 на вуліцы Л. Чалоўскай, без прадастаўлення грамадзянам, якія там жылі, раўнацэннага жылля. Такое магчыма, мусіць, толькі падчас эвакуацыі грамадзян з небяспечнай зоны, калі здараюцца стыхійныя бедствы. Або ў вайну. Але ж гэта выключныя акалічнасці. А тут у мірны час, у дзяржаве, якая мае Канстытуцыю, велізарны спіс законных і падзаконных актаў дзеля абароны маёмасных інтарэсаў грамадзянаў, адміністрацыя распачынае вайну супраць значнай групы цывільных грамадзянаў, у тым ліку старых, жанчын і дзяцей…
Няўжо чыноўніцкая мараль, як справядліва аднойчы заўважыў Аляксандр Лукашэнка, апусцілася ніжэй калена?
На жаль, трэба канстатаваць, што так і ёсць. Бо 25 лістапада 2005 года кіраўніцтва ААТ “231 УНР” арганізавала абследаванне тэхстану дома №56 па вул. Л.Чалоўскай. Але гэта не дало належнага выніку. У спецыяльным акце канстатуецца: прыведзенае фізічнае зношванне жылога дома (памяшкання) складае 28%, і наяўнасці пагрозы бяспекі тых, хто пражывае, няма, няма і наяўнасці пажарнай небяспекі. Карацей, людзям можна працягваць далей тут жыць. Пад гэтым дакументам ставяць подпісы архітэктар, інжынер УП “Жыллё”, памочнік урача-гігіеніста, інжынер дзяржаўнага пажарнага нагляду, прадстаўнік БТІ.
У высновах і рэкамендацыях дакладна гаворыцца: маўляў, будынак падлягае ліквідацыі толькі ў тым выпадку, калі ягонае фізічнае зношванне дасягне 65%, тады існуе пагроза небяспекі. Рамонт дома ў падобным выпадку проста робіцца нерэнтабельным. Аднак 28% фізічнага зношвання будынка вымагаюць ад кіраўніцтва ААТ “231 УНР” ажыццяўлення комплексу работ па ўхіленню знойдзеных дэфектаў і прывядзенню дома ў адпаведнасць з санітарнымі патрабаваннямі. Да таго ж рэкамендавана правесці аснашчэнне дома належнымі сістэмамі інжынернага абсталявання, якія там адсутнічалі.
Нечаканая падтрымка
Тым не меней праз адзінаццаць месяцаў, 20 кастрычніка 2006 года, дырэкцыя ААТ “231 УНР” знаходзіць прыхільнікаў ідэі зносу гэтага дома сярод гарадской вертыкалі. Ствараецца міжведамасная камісія на чале з яе кіраўніком – С.Трусавым, намеснікам старшыні колішняга Барысаўскага гарвыканкама. Членамі камісіі сталі дырэктар КУП “Інстытут Барысаўпраект” В.Феактыстаў, начальнік ІСКУП ”УКБ-Барысаў” Ю.Шылягін ды яшчэ група прадстаўнікоў розных эксплуатацыйных ведамстваў Мінабароны Беларусі. Яны складаюць акт №13 аб прызнанні неадпаведнасці санітарным і тэхнічным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да жылых памяшканняў, дома па вул. Л.Чалоўскай.
Даруем канцылярскую каструбаватасць гэтай назвы аўтарам іх калектыўнага твора. Але зазначым, што менш чым праз год пасля папярэдняга акта, паводле меркавання гэтай камісіі, у памянёным доме ўжо з’явілася рэальная пагроза абвалу, былі знойдзены нібыта таксама пагрозлівыя для жыхароў прасадкі падлогі ў санвузлах першых паверхаў, “на момант агляду каналізацыя не працуе ва ўсіх кватэрах” і гэтак далей. Заключэнне, падпісанае членамі міжведамаснай камісіі на чале з Трусавым, прызнае стан будынка модульнага тыпу аварыйным. Дом “трэба аднесці да катэгорыі непрыдатных для пражывання”. Рэкамендацыя адносна далейшага лёсу грамадзянаў: “Для захавання бяспекі і нармальных умоў пражывання неабходна прадаставіць усім наймальнікам жылую плошчу паводле ўстаноўленых заканадаўствам нормаў у інтэрнаце ААТ “231 Упраўленне начальніка работ” па адрасу: вул. Л.Чалоўскай, 26”. Такім чынам, ужо тады барысаўскія ўлады падтрымалі ідэю ліквідацыі нібыта аварыйнага дома-модуля, які потым назвалі інтэрнатам.
Першы суд быў справядлівы
Але вышэйзгаданае заключэнне абскардзіла ў судзе Барысаўскага раёна ўжо знаёмая чытачу Валянціна Гуткіна, адна з жыхарак няшчаснага дома.
Суддзя Алена Бачышча, якая агучыла сваё рашэнне 22 лістапада 2007 года, у прыватнасці, зазначыла:
“...У дадзеным выпадку камісія была прызначана вусным рашэннем намесніка старшыні гарвыканкама Трусава С.І., што супярэчыць патрабаванням закона. Акрамя таго, у склад камісіі павінны ўваходзіць прадстаўнікі органаў санітарна-тэхнічнага нагляду, дзяржаўнага пажарнага нагляду, органаў, якія ажыццяўляюць рэгістрацыю і тэхнічную інвентарызацыю нерухомасці, і інш...
Акт складзены толькі на падставе візуальнага агляду будынка без належнага тэхнічнага абгрунтавання элементаў і канструкцый будынка з указаннем фізічнага зношвання. Таму (заяўляльнік. — Заўв. рэд.) просіць суд прызнаць дзеянні Барысаўскага райвыканкама па стварэнню міжведамаснай камісіі і складанню акта №13 ад 20 кастрычніка 2006 года незаконнымі, якія наносяць урон правам грамадзянаў, рашэнне №789 ад 9.11.2007 г. адмяніць, абавязаць Барысаўскі райвыканкам правесці паўторнае абследаванне спрэчнага жылога дома для ўстанаўлення яго адпаведнасці санітарным і тэхнічным патрабаванням і прыдатнасці для пражывання.
Прадстаўнік Барысаўскага райвыканкама скаргу не прызнаў і патлумачыў, што рашэнне аб стварэнні міжведамаснай камісіі, прынятае выканкамам, зараз згублена і ні нумар, ні дата яго не вядомыя, таму акт дадзенай камісіі аб прызнанні жылога дома №56 па вул. Л.Чалоўскай у г.Барысаве для пражывання з’яўляецца законным і абгрунтаваным, зацверджаным рашэннем выканкама №789 ад 9.11.2006 года...
Разгледзеўшы справу, суд знаходзіць, што скаргу трэба задаволіць, паводле п. 2, 4, 5, 9 “Палажэння аб парадку абследавання стану жылых памяшканняў, прызнання іх не адпаведнымі санітарным і тэхнічным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да жылых памяшканняў, непрыдатнымі для пражывання”, зацверджанага пастановай СМ РБ ад 7.09.1999 г. №1392”.
Алена Бачышча, як бачым, скаргу В.Гуткінай задаволіла. Суддзя прызнала незаконнымі і неправамоцнымі дзеянні Барысаўскага гарвыканкама па стварэнню міжведамаснай камісіі дзеля складання акта абследавання жылога дома №56 па вул. Л.Чалоўскай у Барысаве №13 ад 20.10.2006 г. аб прызнанні неадпаведнасці санітарным і тэхнічным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да жылых памяшканняў. І самае галоўнае — заключэнне аб непрыдатнасці для пражывання. Такія дзеянні, якія робяць уціск на правы грамадзян, з’яўляюцца неправамоцнымі, зазначаў суд.
А яшчэ праз нейкі час на гэтым рашэнні з’явіўся дадатковы надпіс: “Даведка. Рашэнне не абскарджана і не апратэставана, уступіла ў законную сілу”.
Як бачым, нашы суддзі, калі хочуць, могуць казаць прама ў вочы ўладаўтрымальнікам непрыхаваную праўду. І нават могуць заступацца за інтарэсы простых грамадзян.
Супраць каго ваюе райвыканкам?
Іншы раз проста дзіву даешся, як вынаходлівыя прадстаўнікі мясцовых уладаў знаходзяць прычыну, каб увайсці ў канфлікт са сваімі суграмадзянамі. Згадайце, напрыклад, колькі дроў наламала папярэдняя вертыкальная каманда вясной-восенню 2008 года, ваюючы з насельнікамі мікрараёна па вуліцах Ватуціна і Гагарына! Людзі хацелі, каб рэкрэацыйная зона ў раёне прыватнага гандлёвага комплексу “Алена” заставалася месцам адпачынку дзяцей і пенсіянераў. А вось кіраўніцтва райвыканкама жадала высекчы векавыя сосны, якія там раслі, ды ўзвесці ў гэтым месцы комплекс кааператыўных дамоў для тутэйшых медыкаў.
Вядома, і медыкам дзесьці трэба жыць. Але, прабачце, у нашым горадзе ёсць многа месцаў для такой новабудоўлі. Дык навошта трэба было даводзіць справу да мітынгаў, да кіпення? Цікава, што тады барысаўчан падтрымалі цэнтральныя ўлады і мясцовая апазіцыя. Зялёная зона была выратавана, а кіраўнік выканкама памяняў месца працы.
Але, як бачна, цяперашняя вертыкаль чамусьці не жадае рабіць высновы з падобных урокаў. І па-ранейшаму хоча даказаць нейкім там цёткам і дзядзькам, хто ў горадзе гаспадар. Мінулым летам, напрыклад, састарэлы жыхар кватэры №1 дома №32 па вул.Працы Анатоль Вярыга публічна праз “Барысаўскія навіны” запатрабаваў, каб у аднапакаёўцы ліквідавалі цвіль і сырасць, запатрабаваў рамонту гэтага сацыяльнага жытла, стварэння сістэмы вентыляцыі. Цяпер яго праз суд хочуць адтуль выселіць, пазбавіць даху над галавой. Маўляў, табе, дзед, райвыканкам не зусім правільна ў свой час выдзеліў кватэру, з парушэннем чаргі. А таму – вон адсюль! Так прыкладна і з насельнікамі дома №56 па вуліцы Л.Чалоўскай абыйшліся. Мала што па Жыллёваму кодэксу нельга людзям падчас розных перасяленняў пагаршаць бытавыя ўмовы – кіраўнікі выканкама, як бачым, не пасаромеліся арганізаваць справу так, што людзей, далёкіх ад палітыкі, не бээнэфаўцаў ці эсдэкаў, а звычайных цётак і дзядзькоў з дзецьмі менавіта вытурылі з кватэр з усімі выгодамі ды прымусілі перасяліцца ў часовае жыллё — інтэрнат...
Ну і што цяпер пра мясцовую ўладу гэтыя людзі кажуць? Дарэчы, у савецка-партыйныя часы за падобную фанабэрыю, за адрыў ад народных масаў і парушэнне сацзаконнасці асобных таварышаў не толькі б з партыі выключылі, а нават таго-сяго на Салаўкі ўпяклі б.
Але часы памяняліся... Ну добра, можна пагадзіцца: трэба вам, панове, для вышэйшых інтарэсаў горада ці вайсковага ведамства знесці гэты модульны будынак, які, дарэчы, нават маецца на малой радзіме лідэра нашай дзяржавы, дык зрабіце ўсё па-чалавечы. Дайце людзям раўназначныя кватэры, не ўшчамляйце інтарэсы сваіх землякоў. Але камусьці, напэўна, трэба было паказаць, што законы для іх не пішуцца. Што іх можна нават абысці, маючы ў руках пэўны адміністрацыйны рэсурс.
Цікава, што ініцыятары зносу злашчаснага будынка не сталі “засвечвацца” пасля рашэння суддзі ў касацыйных сталічных судах. Яны проста, каб дамагчыся сваіх мэтаў, арганізавалі яшчэ некалькі тэхнічных экспертыз і засведчылі, што гэты дом, як гаворыцца, дабіты ці не да ручкі, знаходзіцца ў аварыйным стане, што яго неабходна неадкладна зносіць. Гэта па-першае. А па-другое, нашы чыноўнікі з вайсковага ведамства і райвыканкама, мусіць, каб зэканоміць рэзервы жылога фонду, усё-такі рашыліся людзей з камфартабельных кватэр загнаць у інтэрнат. Хаця суддзя Алена Бачышча сваім рашэннем прызнала ўшчымленне інтарэсаў грамадзян з боку ўладаў.
Закон як дышла…
Аднак востры момант у судовым выраку кіраўніцтва райвыканкама вырашыла абысці, каб узаконіць маючае адбыцца пагаршэнне жыллёвых умоў жыхароў дома. Зазначым, што ў Рэспубліканскім цэнтры ўліку і рэгістрацыі нерухомасці Мінжылкамгасу Рэспублікі Беларусь гэты будынак раней значыўся як “шматкватэрны жылы дом жыллёвага фонду”. Бо яшчэ 27 верасня 2004 года ў якасці менавіта дома ён быў зарэгістраваны Барысаўскім філіялам РУП “Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру”...
І вось 30 чэрвеня 2008 года кіраўніцтва Барысаўскага райвыканкама на чале з В.Дылюком і Т.Дронавай прымае рашэнне, якое заслугоўвае, дзякуючы яго незвычайнасці, мусіць, таго, каб яго занатаваць у Кнігу рэкордаў Гінеса.
Цытую: “Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт РАШЫЎ:
Унесці ў рашэнне Барысаўскага раённага выканаўчага камітэта ад 16 чэрвеня 2008 г. №721 “Аб прызнанні жылога памяшкання не адпаведным (адпаведным) санітарным і тэхнічным патрабаванням, якія прад’яўляюцца да жылых памяшканняў” наступныя змяненні:
1. У пункце 1 слова “дома” замяніць словамі “інтэрната-модуля”,
2. У пункце 2 словы “жылы дом” замяніць словамі “інтэрнат-модуль”,
3. У пункце 3 слова “дома” замяніць словамі “інтэрната-модуля”.
Між іншым, гэтыя праўкі былі выкліканы той акалічнасцю, што памянёны вышэй філіял 28 мая 2008 года правёў яшчэ адну дзяржаўную рэгістрацыю дома 56 па вуліцы Л.Чалоўскай як капітальнай пабудовы менавіта пад назвай “інтэрнат-модуль”. З выдачай на рукі ААТ “231 УНР” адпаведнага пасведчання. Пад гэтым дакументам паставіла свой подпіс рэгістратар Т.Хадасевіч.
Ну а калі жылы дом набыў статус інтэрната, дык з яго цяпер можна смела перасяляць жыхароў у інтэрнат па вуліцы Л.Чалоўскай, 26. Хто супраціўляўся, таго выселілі, як Гуткіных ды іх суседзяў, паводле судовых выракаў. Супраць законных дзяржаўных пасведчанняў, хаця і атрыманых, так бы мовіць, са спазненнем, барысаўскія суддзі былі бяссільныя. У той жа час прэзумпцыя невінаватасці знаходзілася на баку жыхароў дома. Яны ж усяляліся ў жылы дом, а высялялі іх з інтэрната. І гэта пасля канцылярскіх захадаў уладаў, якім людзі яшчэ ўчора давяралі…
Вось так райвыканкам абышоў без усялякай касацыі судовае рашэнне і зэканоміў на жыллёвым фондзе. Але страціў аўтарытэт у вачах ні ў чым не вінаватых людзей.
Мусіць, не дарэмна кажуць у народзе: закон як дышла…
Алесь МІКАЛАЙЧАНКА, фота аўтара
